Аляксандр Македонскі

Article on other languages:

Аляксандр Македонскі (бюст, рымская копія з работы Лісіпа)

Аляксандр III Македонскі, Аляксандр Вялікі (21 чэрвеня 356 да н.э.13 сакавіка 323 да н.э.), цар македонскі (336 да н.э.323 да н.э.), адзін з найбольш вядомых ваеначальнікаў і заваёўнікаў антычнасці. Сын цара Філіпа II Македонскага і Алімпіяды, дачкі эпірскага князя Неапталема.

Атрымаў добрае выхаванне і выдатную адукацыю (яго настаўнікам быў славуты грэчаскі філосаф Арыстоцель), ваеннай жа падрыхтоўкай здольнага юнака займаўся сам бацька. Свае ваенныя здольнасці і мужнасць Аляксандр упершыню праявіў у 338 да н.э. у бітве пры Херанеі (дзе разграміў войска фіванцаў), якой завяршылася заваяванне Грэцыі Македоніяй. Пасля гібелі бацькі. забітага ў 335 да н.э., заняў царскі сталец. Кіраўніцтва дзяржавай пачаў ваеннымі паходамі супраць суседніх паўночна-заходніх плямён (ілірыйцаў, трыбалаў, гетаў і інш.), якіх разбіў і прымусіў прызнаць македонскае панаванне. Вясной 334 да н.э. яго грэка-македонская армія на чале з вопытнымі і здольнымі палкаводцамі пераправілася праз Гелеспонт (Дарданелы) у Малую Азію на вайну з Персіяй і пры адноснай сваёй малалікасці ў параўнанні з персамі, але дзякуючы сваім высокім баявым якасцям, арганізаванасці, вопытнасці і тэхнічнай аснашчанасці нанесла паражэнне войску персідскага цара Дарыя III (336—330 да н.э.), самога цара прымусіла ратавацца ўцёкамі з месца бітвы. Спробы Дарыя III узяць рэванш у 338 да н.э. закончыліся беспаспяхова. Грэчаскія гарады, якія імкнуліся вызваліцца ад персідскай няволі, без супраціўлення здаваліся Аляксандру Македонскаму.

Пасля гэтай перамогі над персамі 24-гадовы палкаводзец хутка пакарыў Фінікію і захапіў парты ўсходняга ўзбярэжжа Міжземнага мора, што забяспечыла яму панаванне на моры. Зімой 332—331 да н.э. без бою заняў Егіпет, дзе мясцовыя жрацы афіцыйна абвясцілі Аляксандра Македонскага сынам бога Амона і прызналі яго сваім фараонам. У гонар такога поспеху ён у дэльце Ніла заснаваў горад Аляксандрыю. З Егіпта Аляксандр Македонскі накіраваў сваё войска ў Месапатамію, дзе ў бітве пры Гаўгамелах зноў перамог значна большыя сілы персаў. Гэта перамога прывяла да забойства Дарыя III у 330 да н.э. адным з сатрапаў апошняга, а вялікую персідскую дзяржаву Ахеменідаў — да канчатковага развалу. У выніку гэтага Аляксандр заняў сталіцы персідскіх цароў Вавілон, Сузы, Персепаль, Эктабазу, захапіў вялізныя багацці і аб'явіў сябе законным пераемнікам Дарыя III на персідскім стальцы. На працягу 329—328 да н.э. ён з цяжкасцю пакарыў Сярэднюю Азію, пасля чаго вясной 327 да н.э. пачаў свой індыйскі паход, у час якога разбіў войска валадара Пенджаба Пора і меў намер пайсці далей у даліну р. Ганг. Але стомленае паходамі і знясіленае хваробамі войска запярэчыла, і ён вымушаны быў вярнуцца ў Вавілон, які зрабіў сталіцай сваёй дзяржавы. У час падрыхтоўкі да новага паходу раптоўна памёр: па адной версіі ад малярыі, па другой стаў ахвярай палітычнай змовы.

Створаная ім у выніку паспяховых ваенных паходаў дзяржава была самай вялікай у старажытным свеце, яе межы працягваліся ад р. Дунай да р. Інд. Аднак пазбаўленая цесных унутраных сувязей, яна хутка развалілася пасля смерці цара-заваёўніка і на яе тэрыторыі ўзнік рад эліністычных дзяржаў. Незвычайны вобраз Аляксандра Македонскага яшчэ ў старажытнасці паслужыў пісьменнікам для розных гісторыка-прыгодніцкіх твораў, якія былі шырока распаўсюджаныя ў літаратуры Грэцыі, Рыма, Блізкага Усходу, сярод іх асаблівай папулярнасцю карыстаўся раман "Александрыя", які быў вельмі папулярны і на землях колішняй Русі, яго чыталі ўсе адукаваныя людзі таго часу, у т.л. і Ф. Скарына.

Від

Від Аляксандра адносна добра вядомы, бо ён яшчэ пры жыцці быў шматразова ўвасоблены ў творах жывапісу і скульптуры[1]. Сучаснікі, і сам Аляксандр, лічылі, што найлепшага падабенства дасягнулі скульптуры прыдворнага скульптара Лісіпа, напрыклад «Аляксандр з кап'ём». Відавочна, сапраўдным можна лічыць партрэт Аляксандра на сінтэтычнай батальнай карціне, якая была ўзноўлена з мазаічнай копіі ў Пампеях і захоўваецца ў Неапалі.

Аляксандр быў першым вядомым прадстаўніком эліністычнага свету, які не насіў барады. Такім чынам ён стварыў моду не насіць барады, якой, з выняткам філосафаў, трымаліся публічныя асобы ў Грэцыі і Італіі да часоў Адрыяна.[2].

Ацэнкі

З ідэалізаваным вобразам Аляксандра Македонскага спрачаюцца ўжо біяграфічныя звесткі пра яго. Аляксандр жорстка расправіўся са старым сябрам Парменіёнам і сынам таго, Філотам, уласнаручна забіў ў час застольнай бяседы Кліта, аднаго са сваіх паплечнікаў у войнах.

  1. Адна са статуй Аляксандра, выяўленага ў дзіцячым узросце, так захапіла рымскага імператара Нерона, што той загадаў яе пазалаціць.
  2. Партрэты...

Літ.:

Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.137—138. ISBN 5-343-00151-3.

This article is from Wikipedia. All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License.